ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА,

назва спісаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Змяшчае кароткія дакумент. звесткі пра біял. іх асаблівасці, пашырэнне, прычыны скарачэння колькасці, меры аховы і інш.

Збор звестак пра рэдкія і знікаючыя віды пачаты ў 1949 Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, у 1966 выдадзены тамы «Чырвонай кнігі фактаў» («Red Data Book»), колькасць відаў у якой штогод мяняецца. Для дыферэнцыраванага падыходу ў планаванні ахоўных мерапрыемстваў распрацавана спец. шкала, паводле якой усе віды падзяляюць на 5 катэгорый у залежнасці ад стану папуляцыі. Занясенне ў Міжнар. Ч.к. пэўнага віду азначае сусв. прызнанне неабходнасці паўсядзённага клопату аб яго захаванні, таму кожная краіна, на тэр. якой трапляецца такі від, нясе маральную адказнасць за яго захаванне. У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты па ахове асобных відаў, выдаюцца афіц. спісы ахоўных відаў, зборнікі кароткай навук. дакументацыі пра іх умоўна наз. нац. Ч.к. (Аўстралія, ЗША, Швецыя, Японія, Расія, Беларусь; гл. Чырвоная кніга Беларусі), Чырвонымі спісамі (Германія), спісамі рэдкіх і знікаючых раслін (ЗША, Аўстралія, Калумбія, Мексіка).

т. 17, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)